ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, А.Багатырова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, С.Картэса, І.Лучанка, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.Франс, спявачка К.Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.Э.Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.Цырук, І.Галаўчын, А.Палянічка, В.Собалеў, канцэртмайстар А.Крамароў.

Літ.:

Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.

Г.М.Загародні.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)